БАРЫ́САЎСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ,

Барысаўскае староства, дзяржаўнае ўладанне ў ВКЛ у 14—18 ст. Займала ўсх. ч. сучасных Барысаўскага і паўд. ч. Крупскага р-наў. Напачатку воласць уваходзіла, верагодна, у Друцкае княства, у 15 — 1-й пал. 16 ст. — у Віленскае ваяводства. Даход з воласці ішоў на службовыя расходы віленскага ваяводы. У пач. 16 ст. частка тэр. воласці ў выніку велікакняжацкіх падараванняў ператварылася ў прыватныя маёнткі. Пазней Барысаўская воласць ператворана ў староства, якое перадавалася ва ўмоўнае ўладанне буйным феадалам. Першымі старостамі былі віленскія ваяводы М.Радзівіл Чорны і М.Радзівіл Руды, потым знаходзілася ва ўмоўным уладанні нашчадкаў апошняга. Паводле адм. рэформы ВКЛ 1565—66 большая ч. староства ўвайшла ў Аршанскі павет, астатняя, на правым беразе р. Бярэзіна, — у Менскі павет. У 17 ст. некат. маёнткі Барысаўскай воласці вылучыліся ў самаст. ўладанні, засталося каля 50 нас. пунктаў, найбуйнейшымі з якіх у 18 ст. былі г. Барысаў і мяст. Барань, Лошніца, Нача, Нёманіца, Ухвала. У 18 ст. староства трымалі Агінскія, потым зноў Радзівілы. З 1793 у Рас. імперыі. У 1798 са складу староства вылучаны ў якасці павятовага цэнтра Барысаў, а само яно ў колькасці 8 тыс. душ мужчынскага полу падаравана ў прыватную ўласнасць М.Радзівілу.

В.Л.Насевіч.

т. 2, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)